Так святая Церковь просит у Господа святого Ангела, который является верным наставником и хранителем души нашей и тела.
Духоўнае жыццё в. Ракітна ў апошнія гады стала больш яркім, багатым, цікавым, дзякуючы іерэю Сергію Чыжу, настаяцелю Спаса-Прэабражэнскага храма в.Язвінкі. У 2013 г. у нашай вёсцы асвечана царква ў гонар Архістраціга Міхаіла. Штогод 21 лістапада гэта свята адзначаецца як прэстольнае.
На гэты раз яно прыпала на суботу, таму людзей прыйшло і прыехала многа. У набажэнстве прымалі ўдзел настаяцелі Троіцкага храма ў в. Вічын айцец Фёдар і Краснавольскага храма “Новамучанікаў і спаведнікаў зямлі беларускай” іерэй Алексій.
Удзел у святочнай службе прынялі і вучні школы, тыя, што наведваюць гурток “Асновы праваслаўнай культуры”. Яны падрыхтавалі віншаванне з Днём Архангела Міхаіла і выступілі перад прыхажанамі і гасцямі. Па-святочнаму радасна і ўзнёсла гучалі вершы-віншаванні з вуснаў Арэшка Веранікі, Рудовіч Надзеі, Аліфяровіч Дзіяны, Паўловіч Марыі , Бясчотнавай Ксеніі, Сакалова Дзмітрыя і Арэшка Аляксандра.
Вучні ўдзельнічалі і ў хрэсным ходзе па вёсцы. Ім даверылі несці іконы наперадзе шэсця. Думаецца, што гэта падзея запомніцца ім на ўсё жыццё.
Вернікі прайшлі па вуліцах вёскі. Чыталася Евангелле, малітвы ўсім Святым, свяшчэннікі акраплялі святой вадой удзельнікаў шэсця і ўсіх жыхароў, хто выходзіў на вуліцу.
Архістраціг Міхаіл – галоўны ў воінстве Ангелаў і Архангелаў. Ён ахоўнік усіх воінаў, якія змагаліся і змагаюцца за мір на зямлі. Таму не абмінулі вернікі помніка воіну-афганцу Мацкевічу Міхаілу Пятровічу. Гучалі малітвы за ўпакаенне яго душы.
Напрыканцы богаслужэння свяшчэннік іерэй Сергій павіншаваў усіх са святам, падзякаваў прыхажанам за добраўпарадкаванне царквы і тэрыторыі і ўручыў адной з прыхажанак ікону архангела Міхаіла.
Верым і спадзяёмся, што і надалей Архангел Міхаіл будзе ахоўнікам вёскі Ракітна , памочнікам яе жыхарам у добрых справах. Дзякуем Богу і за тое, што маем такога стараннага і добрага настаяцеля нашага храма. Жадаем яму здароўя, Божай міласці і дапамогі ва ўсім.
Рылач Валянціна Пятроўна